Мары Уэст, бадзёрая 81-гадовая гаспадыня невялікай крамы адзення ў мястэчку Хайд пад Манчэстэрам, папаўдні 6 сакавіка 1995 года была ў выдатным настроі і папівала на кухні гарбату з сяброўкай Мэрыян Хэдфілд. Госця адышла ў ванны пакой наверсе, і акурат у гэты момант прыйшоў доктар Шыпман — гэта быў планавы візіт. Гаспадыня адасобілася з ім у гасцёўні. Спускаючыся, Мэрыян чула адтуль галасы, але неўзабаве яны сціхлі. Праз некалькі хвілін доктар Шыпман зайшоў на кухню і наткнуўся на госцю, што дапівала гарбату. Здзівіўшыся яе прысутнасці, ён тут жа ўзяў сябе ў рукі і заявіў, што шукае сына гаспадыні: яна толькі што страціла прытомнасць і памерла. Што зробіш, узрост. Сыну, які прыехаў, ён сказаў, што выходзіў да машыны, а калі вярнуўся, знайшоў яго маці мёртвай — шырокі інфаркт. Паставіўшы ў пасведчанні пра смерць натуральную прычыну, доктар з’ехаў на іншыя выклікі. Ніхто не западозрыў, што місіс Уэст была яго ахвярай — не першай і далёка не апошняй. Расказваем гісторыю Гаральда Шыпмана — аднаго з самых «прадуктыўных» серыйных забойцаў XX стагоддзя.
Любімы сын
Гаральд Фрэдэрык Шапман нарадзіўся 14 студзеня 1946 года ў Нотынгеме. Яго назвалі ў гонар бацькі. Той працаваў кіроўцам грузавіка, а маці Вера вяла хатнюю гаспадарку і выхоўвала траіх дзяцей. Гаральд быў сярэднім — і самым любімым ва ўладнай маці, якую ён любіў узаемна. Яна лічыла яго разумнейшым і здольнейшым за іншых і з ранніх гадоў прышчапіла яму пачуццё перавагі. Замкнёны хлопчык быў ізгоем сярод аднагодкаў, але выдатна вучыўся, і маці верыла, што яго чакае бліскучая будучыня.
Але пазней Веры дыягнаставалі тэрмінальны рак лёгкіх. Гаральд, яшчэ падлетак, даглядаў маці, якая памірала, назіраў, як прыходзіць доктар рабіць ёй уколы марфіну, і яе пакуты часова адступаюць. Гэты эфект захапляў юнака — так пачалася яго зацікаўленасць медыцынай. У чэрвені 1963 года маці памерла, і 17-гадовы Гаральд цвёрда вырашыў стаць доктарам.
Праз два гады ён, хай і з другой спробы, першым у сваёй сям'і пачаў атрымліваць вышэйшую адукацыю. Гэта быў медыцынскі факультэт Універсітэта Лідса — менш чым 100 кіламетраў ад дома. Шыпман вучыўся сярэдне, нічым не вылучаўся сярод студэнтаў. І ўжо на другім курсе ажаніўся з 17-гадовай Прымроўз Окстабі — яна была цяжарная. Неўзабаве нарадзілася дзіця (агулам будзе чацвёра). Прымроуз усё жыццё была Гаральду адданай жонкай.

Сродак ад дэпрэсіі
Выпусціўшыся ў 1970 годзе, малады доктар пачаў інтэрнатуру ў бальніцы гарадка Пантэфракт недалёка ад месца навучання і праз два гады атрымаў дыплом педыятра. У 1974-м, ужо бацькам дваіх дзяцей, Шыпман пераехаў на працу ў іншы горад — Тадмордэн, таксама недалёка, паміж Лідсам і Манчэстэрам — і ўладкаваўся працаваць доктарам агульнай практыкі ў мясцовую клініку.
Калегі і пацыенты любілі яго і лічылі выдатным доктарам. Усё ішло добра — але нядоўга. Праз дзясяткі гадоў расследаванне прыйдзе да высновы, што ўжо тады ў Шыпмана была залежнасць ад апіоідаў, якая пачалася яшчэ ў Пантэфракце. Увосень 1975 года калегі ў Тадмордэне звярнулі ўвагу на дзіўныя рэчы з яго рэцэптамі. Ён занадта часта выпісваў пацыентам петыдын — моцны апіоідны абязбольвальны лек. Для адных пацыентаў дозы былі празмерна вялікімі, іншыя зусім не мелі патрэбы ў гэтым прэпараце (і, як паказала расследаванне, яго не атрымлівалі). Аказалася, што рэцэпты былі падробленымі, а ампулы па іх Шыпман забіраў сабе. Каля паўгода ён штодня калоў сабе анальгетык у гіганцкіх дозах.
У 1976 годзе прайшоў суд. Гаральд прызнаўся ў махінацыях і растлумачыў, што прыахвоціўся да прэпарату, пакутуючы ад дэпрэсіі, выкліканай тым, што да яго ідэй наконт паляпшэння медыцынскай практыкі ніхто не прыслухоўваўся. Яго аштрафавалі на 600 фунтаў (менш за сярэднюю месячную зарплату доктара) і абавязалі выплаціць кампенсацыю брытанскаму аналагу Мінздароўя памерам у 57 фунтаў. А таксама прымусілі прайсці рэабілітацыю ў спецыялізаванай бальніцы.
Новае жыццё ў Хайдзе
Маладога доктара звольнілі, але медыцынскую ліцэнзію не забралі — далі другі шанец. І ў пачатку 1977-га Шымпан, якому трэба было карміць сям’ю, знайшоў сабе месца ў клініцы Донібрук у Хайде — гэта ціхі гарадок пад Манчэстэрам з насельніцтвам каля 30 тысяч чалавек. Ён расказаў праўду пра тое, што быў асуджаны, але гэта не спалохала партнёраў — заснавальнікаў клінікі, і Гаральд увайшоў у іх лік, зноў стаўшы доктарам агульнай практыкі. Неўзабаве ён заслужыў выдатную рэпутацыю і давер сярод пацыентаў як уважлівы, клапатлівы і кампетэнтны доктар, які заўсёды знаходзіць час для тых, каму патрэбная дапамога.

Праўда, сярод калег думкі пра яго былі не такімі адназначнымі. Паводле іх, ён бываў вельмі прыемны і добры, але далёка не заўсёды. Запальчывы, напышлівы, пагардлівы, ён мог давесці работнікаў да слёз, ніколі не прызнаваў, што не мае рацыі, і не прыслухоўваўся да чужога меркавання, лічыў сябе разумнейшым за ўсіх. Раз на некалькі месяцаў у яго здараліся рэзкія перапады настрою. «Ён не выяўляў агрэсіі ў фізічным сэнсе, гэта было падобна да дзіцячай істэрыкі», — казаў адзін з яго былых супрацоўнікаў. — Ён абсалютна выходзіў з сябе, і здавалася, што ён сябе не кантралюе". Пры гэтым з калегамі па кіраўніцтве Шыпман паводзіўся нармальна — а злосць спаганяў толькі на падначаленых.
У гэтай клініцы Гаральд прапрацаваў 15 гадоў. У канцы да складаных працоўных адносін дадаліся рознагалоссі па фінансавых пытаннях, і тэрапеўт вырашыў сысці. Зрэшты, гэта прычыны паводле яго самога — а на справе, магчыма, ён проста хацеў пазбавіцца ад кантролю і магчымых падазрэнняў.
У 1993 годзе прыёмны пакой сямейнага доктара адкрыўся ў арандаваным памяшканні ў цэнтры Хайда, на Маркет-стрыт, 21. Шыпман стаў самым папулярным тэрапеўтам у горадзе, на афармленне да яго быў гадавы ліст чакання. І цяпер ён працаваў самастойна — без партнёраў і нагляду, толькі з жонкай на рэцэпцыі. Каля 3000 пацыентаў былі цалкам у яго распараджэнні.
А значыць, забіваць іх цяпер было яшчэ прасцей.
Ідэальнае злачынства
Калі менавіта Шыпман пачаў забіваць сваіх пацыентаў, дакладна не ведае ніхто, але, імаверна, гэта адбывалася з першых гадоў яго працы, а па меры прасоўвання кар’еры ён атрымліваў усё больш свабоды дзеянняў. Яго метад канчаткова аформіўся не пазней за 1975 год. Ён быў настолькі ж просты, наколькі цынічны.
Доктар тэлефанаваў пацыентам ці проста прыязджаў на дом без папярэджання — нібыта праверыць, як справы, узяць аналіз крыві, абмеркаваць вынікі абследавання. У асноўным гэта былі пажылыя людзі, часцей жанчыны. Усе радаваліся: які ўважлівы доктар!
Шыпман праходзіў у дом, усаджваў пацыента ці пацыентку, праводзіў агляд, гутарыў… А потым даставаў з медыцынскай сумкі шпрыц. Тлумачыў ён, што гэта нейкія неабходныя лекі, ці рабіў укол незаўважна, ніхто ўжо не даведаецца. У шпрыцы быў дыямарфін — па сутнасці гераін, толькі медыцынскі, які выкарыстоўваецца як магутны абязбольвальны. Смяротная доза. Праз некалькі хвілін чалавек паміраў — ціха, без агоніі, проста пераставаў дыхаць.
Пасля гэтага доктар спакойна выпісваў пасведчанне пра смерць. Прычыны ставіў натуральныя — інфаркт, інсульт, проста старасць. Калі сваякі задавалі пытанні, Шыпман цярпліва тлумачыў: так, усё было раптоўна, але ў такім узросце нічога незвычайнага ў гэтым няма. Ускрыццё? Навошта ж апаганьваць цела нябожчыка і мучыць сям’ю, усё і так ясна. І лепш крэмацыя — прасцей і спакайней.

Увечары таго ж дня Шыпман вяртаўся ў клініку і заносіў змены ў камп’ютарную медкарту забітага пацыента. Задняй датай дапісваў сімптомы і скаргі: боль у грудзях, дыхавіца, слабасць. Ствараў карціну прагрэсавальнай хваробы, каб у выпадку пасмяротнай праверкі ўсё сышлося. А потым выпісваў сваякам, што прыслухоўваліся да яго парады, скіраванне на крэмацыю. Ідэальнае злачынства.
Атрымліваць дыямарфін для забойстваў Шыпману было вельмі лёгка — ён рабіў гэта па той жа схеме, як калісьці з петыдынам: проста выпісваў для цяжкахворых пацыентаў нашмат больш анальгетыку, чым трэба. Яго рэцэпты цяпер ніхто не кантраляваў, так што заўважыць махінацыі не было каму. Звычайна ён сам і забіраў прэпарат у аптэках.
Часцей за ўсё (каля 80% выпадкаў) ахвярамі станавіліся жанчыны — як правіла, пажылыя, адзінокія ўдовы ці тыя, якія жылі ў доме без родных. Гэтыя пацыенты зусім не былі пры смерці — наадварот, нярэдка вылучаліся нядрэнным здароўем і вялі актыўнае жыццё. Але ў вачах навакольных ужо сам узрост рабіў іх «натуральнымі» кандыдатамі на раптоўны скон, а таму, нават калі іх смерці кагосьці здзіўлялі, родныя і знаёмыя звычайна абмяжоўваліся абмеркаваннямі паміж сабой і не рабілі ніякіх захадаў.
Доктар Смерць
Да 1997 года Шыпман забіваў аднаго чалавека кожныя дзесяць дзён.
Тыповы прыклад — 81-гадовая Мары Уэст, пра якую мы пісалі ў пачатку тэксту. Ці, скажам, 77-гадовая Лізі Адамс. 28 лютага 1997 года да яе дадому прыйшоў доктар Шыпман. Неўзабаве сяброўка Лізі зазірнула ў госці і знайшла гаспадыню мёртвай у крэсле. Шыпман у гэты час спакойна разглядаў парцалянавыя фігуркі ў суседнім пакоі. Ён сказаў, што выклікаў хуткую, а потым, калі стала відавочна, што жанчына мёртвая, зрабіў выгляд, што адмяняе выклік. Калі паліцыя пасля праверыла злучэнні, аказалася, што ніякіх званкоў не было.
Самай маладой з ахвяр, за забойства якіх Шыпман праз гады паўстане перад судом, была 49-гадовая разведзеная немка Б’янка Помфрэт. Доктар наведаў яе 10 снежня 1997-га, і ў той жа дзень яе сын Уільям знайшоў маці дома мёртвай. Шымпан патлумачыў яму, што Б’янка скардзілася на боль у грудзях — відаць, цяпер сэрца не вытрымала. Жанчыну пахавалі. Пасля, калі яе цела эксгумуюць, у ім знойдуць высокі ўзровень марфіну. А праверка камп’ютарных запісаў доктара пакажа, што ён проста ў дзень смерці Б’янкі змяняў яе медкарту задняй датай, каб стварыць карціну трамбозу і ішэмічнай хваробы сэрца.
Аналагічным чынам, дома пасля візіту, памерлі 57-гадовая Морын Уорд, 73-гадовыя Джоан Меліа і Уініфрэд Мелар. Апошніх знайшлі ў позе седзячы ў крэсле — тыповая рыса для Шыпмана, — як і Нору Натэл, у выпадку якой доктар зноў нібыта тэлефанаваў у хуткую і потым адмяняў выклік.

Незвычайным быў выпадак 63-гадовай Айві Ломас: яна была забітая проста ў клініцы. Удава пакутавала на дэпрэсію і трывожнасць і часта прыходзіла да Шыпмана — настолькі часта, што доктар потым казаў паліцыі, што яна была занадта дакучлівай. 29 траўня 1997 года яна прыйшла на прыём як звычайна. Праз нейкі час Шыпман выйшаў на рэцэпцыю, дзе працавала сакратарка Кэрал Чэпман і чакалі кліенты, і гучна папрасіў прабачэння за затрымку: маўляў, праблема з апаратам ЭКГ. Пра Айві ён нічога не сказаў і спакойна прыняў яшчэ трох пацыентаў.
Толькі пасля гэтага доктар паклікаў сакратарку ў кабінет і паведаміў: Ломас памерла. Ён, маўляў, паклаў яе на ЭКГ у працэдурным пакоі, запусціў апарат, той спачатку не паказваў адхіленняў, і Шыпман пайшоў да іншых пацыентаў, а калі вярнуўся праз 10−15 хвілін, Айві была пасінелай і без прыкмет жыцця. Шыпман сказаў, што спрабаваў яе рэанімаваць, але беспаспяхова. А хуткую не выклікаў, бо зразумеў, што ўжо позна. Паводле яго, гэта быў шырокі інфаркт. Калі прыехаў паліцэйскі, Шыпман правёў яго да цела Айві і пажартаваў: яна, маўляў, настолькі часта сюды прыходзіла, што трэба было б павесіць у прыёмным пакоі памятную таблічку «Месца пастаянна зарэзерваванае для Айві Ломас».
У пасведчанні пра смерць ён, як заўсёды, напісаў, што прычына смерці натуральная, і пазначыў, што смяротнаму выніку спрыялі трамбоз, хвароба сэрца, курэнне, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх. На справе потым, пасля эксгумацыі, у Айві выявілі перадазіроўку дыямарфінам.
«Хто мне паверыць?»
Цягам усіх гадоў, якія Гаральд Шыпман працаваў у Хайде, такіх смерцяў было мноства, адна за адной. Пасля Дэпартамент аховы здароўя Вялікабрытаніі прааналізаваў статыстыку па пацыентах Шыпмана з 1974 да 1998 года і параўнаў іх са статыстыкай аналагічных практык сямейных дактароў у Хайдзе. Вынік шакаваў. Шыпман прысутнічаў пры 19% смерцяў сваіх пацыентаў, у той час як у іншых дактароў гэты паказчык быў на ўзроўні 1%. А вось родных побач з тымі, хто паміраў, у выпадках Шыпмана, наадварот, звычайна не было. Большасць смерцяў адбывалася паміж 13.00 і 18.00, калі доктар ажыццяўляў хатнія візіты, прычым 12% яго пацыентаў паміралі каля 14.00 — супраць 2% у іншых клініках. Працэнт пацыентаў, якія паміралі цягам паўгадзіны пасля прыходу Шипмана, быў утрая вышэйшы, чым у яго калег. Калі верыць статыстыцы, за даследаваны перыяд сярод пацыентаў Шыпмана адбылося 236 «лішніх» смерцяў.

Узнікае пытанне: няўжо зусім ніхто гэтага не заўважаў? Як потым высветлілася, насамрэч многія нешта падазравалі. Але — і тут, як адзначаецца ў многіх публікацыях, праявілася характэрная рыса англійскага грамадства — маўчалі. Не хацелі высоўвацца, не адважваліся пайсці супраць аўтарытэтнага доктара, баяліся абвінавачанняў у паклёпе.
Так, у мясцовым пахавальным бюро заўважылі: занадта многія пацыенты Шыпмана паміралі дома, седзячы ў крэслах, цалкам апранутымі, у другой палове дня. Дзіўна — бо звычайна ад старасці паміраюць ноччу, у ложку. Ды яшчэ і доктар бываў побач з імі падазрона часта. З часам рытуальшчыкі ўжо пазнавалі «смерці Шыпмана» яшчэ да таго, як высвятлялася, што гэта яго пацыенты. Аднак дырэктар бюро быў упэўнены, што ўсё вытлумачальна, бо Шыпман нашмат часцей за іншых дактароў наведвае сваіх пажылых хворых — вось некаторыя і паміраюць пры ім.
Кіраўніца прытулку для састарэлых і дзве хатнія прыслужніцы загінулых таксама былі сярод тых, хто падазраваў нядобрае, але маўчалі, лічачы, што ім ніхто не паверыць.
Паказальная гісторыя Джона Шоу, які з 1988 да 1998 года працаваў у Хайдзе таксістам і вазіў нямала пажылых людзей у клініку Шыпмана. Тыя былі цалкам бадзёрыя і здаровыя, але потым не вярталіся. «Яны мне станавіліся як сябры. А потым іх родныя тэлефанавалі мне і казалі: не трэба ехаць па маму, яна памерла. Я пачаў задумвацца: хто іх доктар?» Упершыню ён заўважыў дзіўнае яшчэ ў сакавіку 1995 года. У кастрычніку 1996-га памерла Мілісэнт Гарсайд. Яе сын сказаў Шоу, што Шыпман рабіў маці ўкол перад смерцю. Таксіст хацеў сказаць: «Ён забіў вашу маці!» Але баяўся, што яму не павераць. І жонка адгаворвала — маўляў, яшчэ засудзяць за паклёп. Ён думаў звярнуцца ў Генеральную медыцынскую раду (орган, які рэгулюе працу дактароў у Брытаніі), але не верыў, што там паставяцца да яго здагадак сур’ёзна.
«Доктара Шыпмана ўсе паважалі і любілі, таму было яшчэ цяжэй выказацца публічна. Я сам не мог паверыць сваім падазрэнням. Яны былі настолькі фантастычнымі, што я не мог зразумець, што мне падказвае мой розум», — казаў потым Джон на публічных слуханнях. У жніўні 1998-га ён усё ж пайшоў у паліцыю, яго падазрэнні зафіксавалі. Але на той час быў забіты ўжо 21 чалавек з ліку яго пасажыраў. Таксіст яшчэ доўга адчуваў віну за тое, што не забіў трывогу раней.
Бачылі дзіўнае і медыкі. Яшчэ калі Шыпман працаваў у групавой практыцы, супрацоўніцы рэгістратуры празвалі яго «Доктар Смерць». А ў 1994 годзе быў выпадак, калі яго маглі злавіць за руку. Шыпмана выклікалі на дом да пацыенткі з астмай, ён увёў ёй дыямарфін (як потым сказаў, ад болю ў грудной клетцы праз сардэчны прыступ), але ў гэты час дома была дачка пацыенткі. Яна выклікала хуткую, тая прыехала і паспела рэанімаваць жанчыну, яе забралі ў бальніцу. Дактары былі ў курсе, што ў яе было прыпыненне дыхання праз перадазіроўку дыямарфінам, але чамусьці не спыталі Шыпмана, навошта ён увёў апіят пацыентцы з астмай, і ні пра што не паведамілі ўладам. Жанчына праляжала ў коме на апаратах 15 месяцаў і памерла. Інфармацыя, прадстаўленая бальніцай коранеру (афіцыйная асоба, якая расследуе прычыну смерці), не дала яму падставаў лічыць дзеянні Шыпмана злым намерам.

Былі і афіцыйныя скаргі некалькіх пацыентаў у органы аховы здароўя ў 1985, 1990 і 1992 гадах, апошняя дайшла нават да Генеральнай медыцынскай рады. Кожная паасобку не была дастатковай для падазрэнняў, але і ў сукупнасці яны нікога не насцярожылі, нават з улікам факту мінулай нарказалежнасці доктара. Ніякіх праверак не правялі.
Выпушчаны шанец
Проста насупраць прыёмнага пакоя Шыпмана размяшчалася большая клініка. Сямейны доктар, калі ў яго паміраў пацыент, мусіў падпісаць формы на крэмацыю ў іншых, незалежных ад яго дактароў. Таму Шыпман часта звяртаўся да «суседзяў». У сакавіку 1998 года адна з кіраўнічых дактароў гэтай клінікі Лінда Рэйналдс звярнула ўвагу, што той прыносіць ім на подпіс неяк зашмат такіх формаў. Лінда і партнёры праверылі свае звесткі за мінулы год: у іх пацыентаў было ўтрая больш, чым у Шыпмана, а смерцяў па-за бальніцай — у тры разы менш, чым у яго адных толькі крэмацый. Гэта было статыстычна ненармальна. Да таго ж у большасці выпадкаў формы былі для жанчын, якіх знайшлі мёртвымі дома, седзячы, апранутых, часта іх знаходзіў сам доктар. Акрамя таго, увагу Лінды на гэтыя дзіўныя рэчы звяртала і прадстаўніца пахавальнага бюро.
Рэйналдс пайшла да коранера Манчэстэрскай акругі і сказала назпрост: Шыпман «забівае» пацыентаў — незразумела, выпадкова ці спецыяльна, але нешта тут не так. Той перадаў інфармацыю паліцыі. Распачалі канфідэнцыйнае расследаванне, якое даверылі не асабліва дасведчанаму дэтэктыву Дэвіду Сміту. У той жа дзень Рэйналдс у размове з ім паведаміла, што проста цяпер у моргу ляжаць два целы пацыентак Шыпмана, на якія ён падпісаў крэмацыю, але іх яшчэ можна паспець аддаць на экспертызу. Гэтага не зрабілі (паводле высноваў пазнейшага расследавання, абедзве жанчыны былі забітыя доктарам).
Следчы ў цэлым асабліва не высільваўся. Ён не параўноўваў смяротнасць у розных дактароў, не запытваў у медыцынскіх уладаў, ці паступалі на Шыпмана скаргі. І нават не праверыў яго на судзімасць. Зірнуў на медкарты — скаргі супадалі з прычынай наступнай смерці. Пагаварыў з калегамі Шыпмана — тыя патлумачылі, што доктар проста вельмі часта наведвае пажылых дома. І Сміт палічыў, што ўсё ў парадку.

Праз тры тыдні, у красавіку, справу закрылі праз недахоп доказаў. Вышэйшыя афіцэры, мяркуючы з усяго, не асабліва правяралі працу следчага і не занепакоіліся тым, што ён зрабіў яе кепска.
Гаральду Шыпману, падобна, стала вядома пра расследаванне, і колькасць смерцяў у яго адразу знізілася. У той самай суседняй клініцы заўважылі, што з красавіка да чэрвеня ён прынёс ім на подпіс усяго дзве формы на крэмацыю, хоць за папярэднія тры месяцы — 15. Прычым абедзве смерці выглядалі зусім не падазрона і, як потым пацвердзілася, былі натуральнымі. Яшчэ чатырох пацыентаў тэрапеўта пахавалі без крэмацыі.
Калі вы падумалі, што Шыпман спалохаўся ўвагі паліцыі і вырашыў спыніцца, вы памыліліся. З гэтых чатырох трое — жанчыны — былі забітыя ім гэтак жа, як усе папярэднія ахвяры. Адрозненне было толькі ў тым, што хаця б гэтыя тры жыцці дакладна можна было зберагчы, калі б паліцыя вясной 1998-га зрабіла сваю працу як след.
Загубіла карыслівасць
81-гадовая Кэтлін Грандзі стала апошняй ахвярай доктара-забойцы — менавіта на ёй ён і трапіўся. Бо зрабіў адну, але вельмі вялікую памылку.
Кэтлін, нягледзячы на ўзрост, была цалкам здаровай і энергічнай жанчынай. Былая кіраўніца Хайда, актывістка кансерватыўнай партыі, яна ўдзельнічала ў некалькіх дабрачынных арганізацыях. Шыпман ведаў яе шмат гадоў.
23 чэрвеня 1998 Кэтлін прыйшла ў клініку прачысціць вушы. Шыпман заадно дамовіўся, што заўтра раніцай заедзе да яе ўзяць аналіз крыві для свайго даследчага праекта.
На наступны дзень, 24 чэрвеня, Грандзі не прыйшла ў дабрачынную сталоўку, дзе звычайна дапамагала. Занепакоеныя калегі прыйшлі да яе дадому. Дзверы былі не зачыненыя. Кэтлін ляжала на канапе, апранутая, скруціўшыся абаранкам. Яна была мёртвая.

Выклікалі Шыпмана. Агледзеўшы цела, ён сказаў, што гэта спыненне сэрца. Патэлефанаваў коранеру, выпісаў пасведчанне пра смерць, паставіўшы прычынай старасць і падкрэсліўшы, што ўскрыццё нічога не дасць. Паводле прысутных, доктар паводзіў сябе рэзка і дзіўна.
Дачка Кэтлін Анджэла Вудраф была юрысткай і заўсёды вяла справы маці. Якое ж было яе здзіўленне, калі праз некалькі дзён з ёй звязаўся іншы юрыст і паведаміў: спачылая пакінула новы тэстамент. Убачыўшы яго, Анджела была здзіўленая: «Я пакідаю ўсю маю маёмасць, грошы і дом майму доктару. Мая сям’я ні ў чым не мае патрэбы, і я хачу ўзнагародзіць яго за ўвесь клопат, які ён праявіў да мяне і жыхароў Хайда», — абвяшчаў дакумент.
Анджэла не магла паверыць, што яе маці пакінула нерухомасць і 386 тысяч фунтаў на рахунку (630 тысяч даляраў на той час) доктару Шыпману, з якім не мела ніякіх блізкіх адносін. Да таго ж тэстамент быў надрукаваны на машынцы, а не напісаны ад рукі, і подпіс выглядаў вельмі сумнеўна. Дачка загінулай пайшла ў паліцыю і заявіла: доктар забіў яе маці і падрабіў тэстамент, каб прысабечыць яе маёмасць.
Гэтым разам да справы паставіліся сур’ёзна (відаць, выпадак з экс-мэрам было не так проста праігнараваць). Цела Кэтлін Грандзі эксгумавалі, ускрыццё паказала, што прычынай яе смерці была перадазіроўка дыямарфінам, уведзеным акурат у той часавы прамежак, калі ў яе быў Шыпман. У доктара дома правялі ператрус. Забралі медыцынскія запісы, дзіўную калекцыю ювелірных упрыгожанняў і старую друкавальную машынку. Экспертыза пацвердзіла, што падроблены тэстамент надрукаваны менавіта на ёй.


Вывучыўшы медыцынскія карты доктара, паліцэйскія зразумелі, што адной смерцю тут не абмяжоўваецца, справа будзе нашмат буйнейшай. З камп’ютарных запісаў было відаць, што Шыпман мяняў іх пасля смерці пацыентаў, уносячы ў медкарты адпаведныя сімптомы задняй датай. Ён нават не ведаў, што ў сістэме можна праверыць дату і час кожнага унесенага змянення.
Следства вырашыла засяродзіцца на тых выпадках, па якіх можна сабраць больш за ўсё доказаў для суда: у першую чаргу займаліся не самымі даўнімі ахвярамі, якія памерлі пасля візіту Шыпмана і былі пахаваныя, а не крэміраваныя. Пачаліся эксгумацыі і судмедэкспертызы.
7 верасня 1998 года 52-гадовага Гаральда Шыпмана арыштавалі. Яму выставілі абвінавачанне ў забойстве 15 жанчын з 1995 да 1998 года і ў падробцы тэстамента. Ахвярам было ад 49 да 81 года, пра частку з іх мы ўжо расказвалі вышэй. Усе былі забітыя смяротнай ін'екцыяй дыямарфіну.

Вердыкт
Суд пачаўся 5 кастрычніка 1999 года. Абарона патрабавала, каб суд падзялілі на тры працэсы: асобна — справа Грандзі (бо толькі ў ёй ёсць фінансавы матыў), асобна — справы з відавочнымі доказамі і асобна — без такіх. Кожную справу разглядаў бы новы камітэт прысяжных, і ў падсуднага было б больш шанцаў. Але запыт адхілілі.
Таксама абарона імкнулася прадставіць Шыпмана як выдатнага клапатлівага доктара, якога любяць пацыенты, але нічога не атрымалася: яго раз-пораз лавілі на хлусні, ён мяняў версіі, паводзіўся напышліва, не прызнаваў віны, не раскайваўся і зусім не выклікаў даверу ў прысяжных.
Пракурор Рычард Хенрыкес сцвярджаў: Шыпман забіваў, бо атрымліваў асалоду ад кантролю над жыццём і смерцю. Ні пра якую «міласэрную эўтаназію» не магло быць і гаворкі: ні адна ахвяра не пакутавала на смяротныя захворванні.
У канцы студзеня 2000 года, правёўшы ў абмеркаваннях шэсць дзён, прысяжныя вынеслі вердыкт — вінаваты па ўсіх пунктах. Суд асудзіў Гаральда Шыпмана на 15 пажыццёвых тэрмінаў без магчымасці датэрміновага вызвалення і яшчэ на чатыры гады зняволення за падробку дакумента.

Колькі іх было?
Доктар смерць адправіўся ў турму, але ўсе разумелі, што 15 ахвяр — гэта толькі вярхоўка айсберга. Трэба было высветліць поўны маштаб злачынстваў серыйнага забойцы. Як гэта зрабіць, калі ад многіх ахвяр застаўся толькі прах? Аказалася, гэта цалкам магчыма, калі капаць досыць глыбока.
Урад Вялікабрытаніі ініцыяваў маштабнае публічнае расследаванне пад кіраўніцтвам суддзі дамы (гэта афіцыйны тытул) Джанет Сміт. Пад яе кіраўніцтвам было вывучана 888 смерцяў пацыентаў Шыпмана за 23 гады яго практыкі — з 1975 да 1998-га.
У ліпені 2002 года апублікавалі першую справаздачу. Паводле высноваў суддзі, за названы перыяд Шыпман забіў не менш за 215 пацыентаў (171 жанчыну і 44 мужчыны). Былі названыя іх імёны і даты гібелі. Большасць старэйшыя за 65 гадоў, але некаторыя былі маладзейшыя, аднаму з мужчын быў усяго 41 год. Таксама выявілі яшчэ 45 падазроных смерцяў, па якіх не хапала доказаў для адназначных высноваў.
У студзені 2005 года, у шостай і фінальнай справаздачы, Джанет Сміт заявіла: Шыпман прыахвоціўся да апіятаў і пачаў забіваць яшчэ ў сваёй першай бальніцы ў Пантэфракце, дзе яго ахвярамі сталі трое мужчын і яшчэ, магчыма, чатыры іншыя пацыенты, у тым ліку чатырохгадовая дзяўчынка. На думку суддзі, у той час смерці маглі быць хутчэй вынікам безразважных эксперыментаў Шыпмана з наркатычнымі абязбольвальнымі: ён перавышаў дазіроўкі і глядзеў, што з гэтага выйдзе.
Усяго, паводле канчатковых высноваў суддзі, Гаральд Шыпман з 1971 да 1998 года забіў каля 250 пацыентаў, з якіх 218 былі дакладна ідэнтыфікаваныя.
Ён стаў самым крывавым серыйным забойцам у гісторыі Вялікабрытаніі і адным з самых крывавых у свеце.

Чаму Шыпман гэта рабіў? На гэты конт было мноства здагадак. Напрыклад, што гэта звязана з траўмай ад смерці маці — у дзяцінстве ён назіраў, як марфін палягчае яе пакуты, і першыя рызыкоўныя ін'екцыі былі звязаныя з гэтымі ўспамінамі, а потым мужчына стаў залежным ад забойстваў, атрымліваў асалоду ад уладай над жыццём і смерцю — як казаў пракурор на судзе, гуляў у Бога. Але ўсё гэта толькі здагадкі. Сам Шыпман так ніколі і не патлумачыў сваіх дзеянняў і не прызнаў віны.
Пажыццёвы тэрмін Гаральд не адбыў. Ранняй раніцай 13 студзеня 2004 года, за дзень да свайго 58-годдзя, былы доктар павесіўся ў камеры турмы Уэйкфілд на прасціне, прывязанай да кратаў акна. Ніякай запіскі ён не пакінуў. Месца пахавання яго цела невядомае.
Наступствы
Справа Шыпмана агаліла мноства правалаў у тагачаснай брытанскай сістэме аховы здароўя. Расследаванне выявіла крытычныя недахопы ў чатырох галінах: апрацоўцы скаргаў, маніторынгу дактароў, кантролі наркотыкаў і сертыфікацыі смерцяў. Дактары аднаасобна падпісвалі пасведчанні пра смерць без незалежнай праверкі, крэмацыя кантралявалася, але толькі фармальна. Шыпман не вёў абавязковага рэестру кантраляваных рэчываў і назапашваў вялізныя дозы дыямарфіну — гэтага ніхто не правяраў. Скаргі на яго паступалі з 1985 года, але сістэму гэта не насцярожыла, нягледзячы на судзімасць за медыцынскае злоўжыванне, звязанае з наркотыкамі.

Пасля гэтага маштабнага скандалу ў Брытаніі ўвялі абавязковую пераатэстацыю дактароў з ацэнкай іх медыцынскай практыкі, узмацнілі незалежны медыцынскі кантроль у выпадку смерцяў, зрабілі больш жорсткімі правілы ўліку наркатычных прэпаратаў. Рэфармавалі сістэму коранераў, даўшы ім больш паўнамоцтваў і ўзмацніўшы механізмы нагляду за высвятленнем прычын смерцяў. Генеральная медыцынская рада таксама ўзмацніла свае паўнамоцтвы, працэдуры расследавання скаргаў сталі больш строгімі. Механізмы для паведамлення пра падазрэнні спрасцілі, увялі абарону для тых, хто паведамляе пра парушэнні.
Так справа серыйнага забойцы змяніла брытанскую сістэму аховы здароўя. Але давер удалося аднавіць далёка не адразу. Нядзіўна — бо гэтая гісторыя паказала, што нават самы клапатлівы доктар з выдатнай рэпутацыяй можа быць не тым, кім падаецца. Сын аднаго з пацыентаў, забітых «Доктарам Смерць», неяк прызнаўся: «Я памятаю, як Шыпман дапамагаў майму бацьку. Ён прыязджаў на першы ж кліч. Ён быў выдатным доктарам — калі не лічыць таго, што ён забіў майго бацьку».
Чытайце таксама


